Прадстаўніку апазіцыі сарвалі выбарчую кампанію 15 суткамі арышту

Актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Андрэя Кашэўскага асудзілі на 15 сутак арышту.  Апазіцыянера затрымалі ўвечары 3 сакавіка ў Мінскім метрапалітэне. Яго адразу ж даставілі ў суд Ленінскага раёна, звінавацілі ў супраціве супрацоўнікам міліцыі і асудзілі.

Кашэўскі збіраўся балатавацца дэпутатам у гарадскі савет Жодзіна (Смалявіцкі раён Міншчыны). З-за адміністрацыйнага арышту ён не зможа своечасова здаць подпісы грамадзян за вылучэнне яго кандыдатам у дэпутаты, паведаміў у інтэрв'ю Еўрарадыё адзін з кіраўнікоў аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі: пры падачы сабраных подпісаў мусіць прысутнічаць сам прэтэндэнт у кандыдаты.

Па словах Рымашэўскага, асуджаны на 15 сутак Кашэўскі паспеў сабраць неабходную колькасць подпісаў выбарцаў.

Рымашэўскі: Я ведаю, што дастаткова ён паспеў сабраць, але мы рэкамендавалі не падаваць раней часу. Некаторыя нашыя кандыдаты ў дэпутаты падалі ўжо... Але апошнія звесткі па подісах мы павінны былі сабраць у гэтую суботу. Я ведаю, што подпісы за яго сабраныя, але звязацца з ім ужо немагчыма.