Пракаповіч: Сярэдні заробак у настаўнікаў і медыкаў будзе 1,2 млн рублёў

У 2010 годзе сярэдні заробак у бюджэтнай сферы складзе прыкладна 1 мільён 200 тысяч рублёў.
Пра гэта заявіў кіраўнік Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч.

Паводле яго слоў, прадугледжваецца павышаць памер тарыфнай стаўкі першага разраду і зарплату з 1 студзеня, з 1 красавіка, з 1 ліпеня і з 1 кастрычніка. Прапарцыянальна росту зарплаты будуць павялічаныя пенсіі і дапамогі, заявіў Пракаповіч.

Прырост рэальнай зарплаты прагназуецца на ўзроўні 14%, рэальных даходаў насельніцтва — 15%, прадукцыйнасць працы — на 10%. У наступным годзе перавышэнне тэмпаў росту экспарту ў параўнанні з тэмпамі росту імпарту павінна скласці 7%.

Як падкрэсліў Пракаповіч, 2010 год — гэта пачатак карэннай перабудовы і мадэрнізацыі эканомікі краіны. Асноўнай мэтай павінна стаць дасягненне станоўчага сальда ў знешнім гандлі, адмова ад неабгрунтаванага імпарту, узмацненне экспартнага патэнцыялу, інфармуе БелаПАН.