Пракуратура: Экспертыза вызначыла век парэштак, знойдзеных у Глыбокім

Век касцяных парэштак, знойдзеных у сутарэнні царквы ў Глыбокім на Віцебшчыне, складае 80-100 гадоў. Пра гэта агенцтву "Інтэрфакс" паведамілі ў пракуратуры Віцебскай вобласці. Судова-медыцынская экспертыза, якую праводзілі ў Мінску, вызначыла, што век знаходак складае 80-100 гадоў, заяўляюць работнікі пракуратуры.

Экспертыза выявіла, што парэшткі належаць 55 чалавекам. Гэтыя людзі былі пахаваныя ў пачатку мінулага — канцы пазамінулага стагоддзя, кажуць праваахоўнікі.

"Каля касцяных парэштак былі выяўленыя розныя прадметы, у тым ліку фрагменты рукапісаў, якія былі аддадзеныя на крыміналістычную экспертызу", — растлумачылі ў пракуратуры.

Нагадаем, што плябан Кафедральнага сабора ў гонар Нараджэння найсвяцейшай Багародзіцы Сяргей Грамыка, дзе былі знойдзеныя парэшткі, лічыць, што гэта парэшткі манахаў, якія памерлі і былі пахаваныя ў магільным склепе, калі гэты будынак быў касцёлам.

У прэсе выказвалася меркаванне, што парэшткі належаць польскім грамадзянам, расстраляным у 1939 годзе, пасля прыходу Саветаў.