Пракуратура пакуль не знайшла вінаватых у выбуху на "Пінскдрэве"
Таксама не выяўленыя і дакладныя прычыны ўзгарання. Тым часам сямёра пацярпелых знаходзяцца ў рэанімацыі ў вельмі цяжкім стане.
У выніку выбуху і пажару на "Пінкдрэве" памерлі ўжо пяць чалавек. Яшчэ
сямёра працаўнікоў фабрыкі застаюцца ў рэанімацыі ў крайне цяжкім стане.
Усяго ж у шпіталях Мінска, Брэста і Пінска знаходзіцца 15 пацярпелых.
"Хто
знаходзіцца ў рэанімацыі — вельмі цяжкія хворыя. Цяжка сказаць, якія
шанцы. Траўмы вельмі цяжкія, глыбокія апёкі, таму штосьці прагназаваць
загадзя вельмі складана. Ва ўсіх, хто ў рэанімацыйным аддзяленні, апёкі
звыш за 50% паверхні цела", — распавёў Еўрарадыё намеснік галоўнага ўрача мінскай Лякарні хуткай дапамогі Ігар Шыманскі.
У
сталіцы цяпер знаходзяцца 9 чалавек. Стан шасцярых лекары называюць
вельмі цяжкім. У Брэсцкім шпіталі ратуюць жыцці яшчэ пецярых. Медыкі не
даюць ніякіх прагнозаў.
“Я прагнозы не раблю. Цяжкі стан, сур’ёзна цяжкі”, — кажа намеснік галоўнага лекара Тадэвуш Гарасімчык.
У
Пінскай цэнтральнай лякарні застаўся адзін пацярпелы. Супрацоўніцу
“Пінскдрэву”, якая ляжала ў нейрахірургічным аддзяленні, сёння выпісалі,
кажа галоўны лекар Віктар Асачук.
Віктар Асачук: “Адзін
пацыент учора загінуў. На ўчора ў нас было тры пацыенты. Жанчыну з
нейрахірургічнага аддзялення мы выпісалі ў задавальняльным стане. Ёй
больш не патрэбнае лячэнне”.
Але, на жаль, мужчына, які застаўся, — у вельмі цяжкім стане, працягвае лекар.
“Будзем казаць шчыра, крайне цяжкі стан. Мы робім усё дзеля таго, каб шанцы былі, але мы не богі”.
З
нагоды выбуху на “Пінскдрэве” пракуратура Брэсцкай вобласці распачала
крымінальную справу. У абласной пракуратуры карэспандэнту Еўрарадыё
паведамілі, што падазроных пакуль не знайшлі. Вядзецца праверка, на
месцы аварыі працуюць эксперты, распавёў следчы па важнейшых справах
Аляксандр Шастачук.
Аляксандр Шастачук: “Што тычыцца
прычын узгарання — пакуль нічога невядома. Працуе камісія, на месцы
працуюць эксперты і спецыялісты. Адзінае, што ёсць, — колькасць
пацярпелых. На сёння пяць чалавек загінулых”.
Нагадаем, выбух
і пажар на “Пінскдрэве” адбыўся 25 кастрычніка. Паводле папярэдняй
версіі, прычына аварыі — “выбух адкладаў драўлянага пылу ў выніку
парушэння эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўляна-паліўных
гранул”.