Праўладны Саюз палякаў падчас жалобы агітаваў у Польшчы супраць Борыс

Праўладны Саюз палякаў у Беларусі на чале са Станіславам Сямашкам выкарыстаў жалобу ў Польшчы для ўласнай рэкламнай кампаніі. Пра гэта паведамляюць польскія СМІ.
У сувязі з трагедыяй пад Смаленскам, для сяброў СПБ зрабілі выключэнне і аформілі кароткатэрміновыя польскія візы. Як даведалася Еўрарадыё, 20 красавіка група чальцоў афіцыйнага СПБ наведала варшаўскі офіс таварыства “Польская супольнасць”. Праўда, паразмаўляць з кіраўніцтвам у іх так і не атрымалася.

Супрацоўнік “Польскай супольнасці”: “Так, я магу пацвердзіць, яны ў нас былі. Параскідвалі ў нас тут на сталах у фае свае часопісы і пайшлі далей, каб сустрэцца з нашым дырэктарам. Але не сустрэліся, бо яго ўчора не было. Але яны доўга чакалі – 4 гадзіны”.

З’явіліся сябры праўладнага СПБ і ў Беластоку. Як паведамляе польская газета “Rzeczpospolita”, у адной з кавярняў горада яны распавядалі журналістам аб правінах Анжалікі Борыс і першага старшыні СПБ Тадэвуша Гавіна. Цікава, што акурат у гэты час у Беластоку адбывалася пахаванне віцэ-спікера польскага Сейма Кшыштафа Путры.