Праваабаронцы лічаць, што ў Беларусі ёсць прыкметы прымусовай працы

Беларускія праваабаронцы патрабуюць адмяніць абавязковае размеркаванне ў Беларусі. Юрысты з Беларускага Хельсінскага камітэта звярнуліся з адпаведнай заявай у Канстытуцыйны суд. Яны нагадваюць, што бясплатная вышэйшая адукацыя гарантаваная Канстытуцыяй.  Вось што распавёў Еўрарадыё пра пазіцыю праваабаронцаў юрыст БХК Алег Гулак:

“Канстытуцыю ўсё ж такі трэба выконваць. І калі дзяржава лічыць, што яна не можа забяспечыць бясплатную адукацыю, тады трэба змяніць Канстытуцыю. Альбо трэба мяняць заканадаўства і ўсё ж такі ўвесці магчымасць атрымання насамрэч бясплатнай адукацыі”.

Нагадаем, сёлета супраць студэнтаў, якія не даехалі па размеркаванні, былі распачатыя 65 крымінальных справаў. Сумы, якія яны заплаціць, складаюць ад трох да пяці тысяч долараў.  

Алег Гулак адзначае, што ў Беларусі заўважаныя прыкметы прымусовай працы, якая забароненая міжнароднымі пагадненнямі.

Пад размеркаванне патрапілі і студэнты, якія паступалі ў ВНУ да 2002 года, яшчэ да ўвядзення ў закон пра адукацыю прымусовага размеркавання, калі яны ўжо вучыліся і лічылі, што атрымліваюць бясплатную адукацыю.