Праваабаронцы патрабуюць адкрытага суда над Аўтуховічам і Асіпенкам

Беларускія праваабаронцы патрабуюць адкрытага суда над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімірам Асіпенкам. Па словах Валянціна Стэфановіча, праваабаронцам хопіць досведу і адукацыі, каб зрабіць адпаведныя высновы наконт гэтай справы. "У адваротным выпадку, калі працэс пройдзе за зачыненымі дзвярыма, мы будзем лічыць, што гэта быў не суд, а судзілішча. Што сапраўды ўлады хаваюць ад нас і ад грамадства акалічнасці гэтай справы", — адзначыў праваабаронца.

У сваю чаргу праваабаронца Алег Воўчак заявіў, што шанцаў на адкрыты працэс па справе Аўтуховіча і Асіпенкі вельмі мала: "Расследаванне справы праходзіць у закрытым рэжыме: усе адвакаты далі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы. Па сваім досведзе я ведаю, што калі праходзіць закрытае расследаванне, то і суд будзе закрытым. Успомніце, напрыклад, справу былога пракурора Мінскай вобласці Міхася Снегіра. Следства праходзіла ў закрытым рэжыме — і працэс праходзіць у закрытым рэжыме".

Як нагадвае БелаПАН, 8 лютага 2009 года ў Ваўкавыску (Гродзенская вобласць) былі затрыманыя прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка. 18 лютага ім выставілі абвінавачанне паводле арт. 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня на Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, "іншых асоб" была распачатая справа паводле арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Лявонава вызвалілі з мінскага следчага ізалятара 8 жніўня. 24 верасня з яго былі знятыя ўсё абвінавачванні. Аўтуховіч і Асіпенка — па-ранейшаму ў следчым ізалятары № 1 Мінску.