Праваабаронцы распавядуць Дзмітрыю Мядзведзеву пра "19 снежня"

1 лютага прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў сустрэнецца з расійскімі праваабаронцамі, якія маюць намер расказаць пра сітуацыю ў Беларусі. Маскоўскі праваабаронца Сяргей Крывенка паведаміў "Белсату", што некалькі сябраў Савета пры прэзідэнце РФ па садзейнічанні развіццю інстытутаў грамадзянскай супольнасці і правах чалавека пабывалі ў Беларусі. "Яны шакаваныя тым, што зараз там адбываецца", — адзначыў Крывенка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што расійскія праваабаронцы "не ацэньваюць вынікі выбараў і падрыхтоўку да іх", прэзідэнту Расіі яны распавядуць "пра разгон мітынга 19 снежня" і падзеі, якія мелі месца пасля гэтага.

Мядзведзеву прапануюць выказаць падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі. Праваабаронцы мяркуюць рэкамендаваць яму "далучыцца да ідэі пра распачынанне маскоўскага механізма АБСЕ для пачатку адпаведнага расследавання па лініі АБСЕ".