Праваахоўнікі Гродна не займаюцца парашутыстам, які зваліўся ў натоўп

Ні ў міліцыі, ні ў пракуратуры Гродна не займаюцца парашутыстам, які падчас паказальных скачкоў 9 траўня зваліўся ў натоўп і параніў дзяўчынку. У гродзенскай абласной міліцыі сцвярджаюць, што правяраць гэты выпадак мусіць пракуратура. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік прэс-службы Георгі Яўчар: Георгі Яўчар: "Адразу ўсе дакументы наконт гэтага парашутыста былі накіраваныя ў пракуратуру. Складу крымінальнай справы тут няма, і таму матэрыялы знаходзяцца ў пракуратуры".

Як распавёў Еўрарадыё пракурор Ленінскага раёна Гродна Эдуард Бурак, крымінальную справу па гэтым выпадку сапраўды не пачыналі. Пакуль што. Але праверка мусіць праводзіцца, і правяраць гэты выпадак павінна міліцыя:

Эдуард Бурак: "Крымінальнай справы можа і не быць, але праверка мае адбыцца, і яны яе праводзяць. А ўжо ў выніку праверкі можа быць прынятае адно з двух рашэнняў: ці распачаць крымінальную справу, ці адмовіць у гэтым".

За некалькі дзён, якія прайшлі з мінулай спробы Еўрарадыё высветліць сітуацыю з парашутыстам-няўдаліцам, гродзенскія праваахоўнікі так і не разабраліся, хто павінен праводзіць праверку.