Праваслаўная царква выгнала нечысць з Гродзенскага аблвыканкаму

Чыноўнікі аблвыканкама звярнуліся да матушкі Гаўрыілы - ігуменні Гродзенскага жаночага манастыра, каб выгнаць нечысць з фінансавага аддзела. На думку чыноўнікаў, піша ў сваім блогу вядомы журналіст і блогер Андрэй Пачобут, з-за нячыстай сілы памёр ужо другі начальнік фінансавага аддзела. Таму кабінет вырашылі акрапіць святой вадой.

Цяперашні кіраўнік фінансавага ўпраўлення каментаваць падзею для Еўрарадыё не захацеў:

"Прабачце, такія пытанні не абмяркоўваем. Прабачце".

А вось у манастыры сцвярджаюць, што нечысці ўжо не будзе ў памяшканні. Праўда, версію са смерцю папярэдніх кіраўнікоў назвалі чуткамі.

Манашка: "Ды ну, глупства! Гэта ўсё нейкія здагадкі. Акрапляецца святой вадой, каб нячыстая сіла не прысутнічала ў гэтым кабінеце. Увогуле трэба асвянцаць усе памяшканні - дом або працоўнае месца. Павінна быць усё асвенчана".