Праз 13 гадоў мінчукі будуць піць толькі падземную крынічную ваду

Да 2020 года Мінск плануецца поўнасцю перавесці на падземныя крыніцы водазабеспячэння. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка вытворчасці па эксплуатацыі сістэм водазабеспячэння "Мінскводаправод" прадпрыемства "Мінскводаканал" Анатоль Чарнаморац.
Паводле яго слоў, цяпер горад забяспечаны падземнымі крыніцамі водазабеспячэння на 65—70%, частка жыхароў працягвае атрымліваць ваду з паверхневых крыніцаў. Вада з паверхневых крыніцаў праходзіць шматступенчатую ачыстку і абясшкоджванне хлорам.

Таму такая вада мае непрыемны пах і прысмак. Што ж тычыцца вады з падземных крыніцаў, то яна практычна не мае патрэбы ў апрацоўцы.

Адзіная праблема — гэта трохвалентнае жалеза, якое ўтрымліваецца ў ёй і надае характэрны прысмак і мутнасць. Для таго каб яго не было, неабходна будаўніцтва станцый абезжалезвання. На працягу бліжэйшых трох гадоў будуць уведзеныя тры такія станцыі.

БелаПАН