Праз 2,5 месяцы пасля галадоўкі Мікалай Аўтуховіч працягвае губляць вагу

Праз два з паловай месяцы пасля галадоўкі Мікалай Аўтуховіч працягвае губляць вагу. Як паведаміў БелаПАНу яго адвакат Павел Сапелка, ваўкавыскі прадпрымальнік цяпер важыць меней за семдзесят кілаграмаў. Па словах адваката, ніякай трагедыі з гэтага рабіць не трэба, гэта нармалёвы працэс. Лічыцца, што Аўтуховіч цяпер на дыеце. Нягледзячы на страту вагі, затрыманы прадпрымальнік пачуваецца нармальна.

Нагадаем, што ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка былі затрыманыя ў Ваўкавыску 8 лютага і дастаўленыя ў мінскі следчы ізалятар № 1. Спярша іх вінавацілі ў падпале. 23 чэрвеня на Аўтуховіча і "іншых асоб" (фармулёўка прэс-службы МУС) пачалі крымінальную справу за падрыхтоўку да тэракту.

З 16 красавіка па 16 ліпеня Аўтуховіч праводзіў галадоўку, патрабуючы ў самыя кароткія тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб невыяздзе.

8 жніўня Лявонава вызвалілі з СІЗА, змяніўшы меру спынення на падпіску аб невыяздзе. Асіпенка і Аўтуховіч працягваюць знаходзіцца за кратамі.