Пружанскія грузчыкі адсудзілі ў працадаўцы па 3 мільёны рублёў

Пружанскі раённы суд прыняў бок былых грузчыкаў мясцовага малочнага камбіната Алега Дайнэкі і Вячаслава Васільева ў спрэчцы з адміністрацыяй. Грузчыкам прызначаная кампенсацыя ў суме трох месячных заробкаў “за пазакантрактнае пагаршэнне ўмоў працы без узгаднення з працаўніком”. Пра гэта паведаміў Еўрарадыё спадар Васільеў. Васільеў: "У судзе нават быў пракурор. Выступіў супраць нас. Але суддзя, старшыня Пружанскага раённага суда Ўладзімір Саўчук паказаў сябе бесстароннім і справядлівым. Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы дакументаў, фармуляванні пазіцыі на абодвух судах аказаў прававы інспектар незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Ўладзімір Малей".

Канфлікт узнік, бо работнікам плацілі па схеме, дзе ў прынцыпе не магло быць адмінусаванняў па заробку: калі заданне выконваецца, то выплочваецца пэўная сума. Заданні заўсёды выконваліся, а адмінусаванні, тым не менш, прастаўляліся.

У чэрвені маладыя людзі судова прымусілі дырэкцыю вярнуць ім недаплачаныя цягам года грошы. Тады ж іх папярэдзілі пра непадаўжэнне кантракту. Але абодва прапанавалі звальненне па ўласным жаданні з кампенсацыяй за пагаршэнне ўмоў працы. Адміністрацыя не адрэагавала на прапанову. І цяпер, кажа Вячаслаў Васільеў, відаць, зноў давядзецца звяртацца ў касацыйны суд.

Грузчыкам, якія засталіся працаваць, нібыта працягваюць выплачваць адваяваныя Васільевым і Дайнэкам дабаўкі, кажа 25-гадовы пружанец.

Але неўзабаве ў яшчэ аднаго з брыгады праўдалюбаў сканчаецца кантракт. Верагодна, дырэкцыя звольніць і яго, і работы ў судзе прыбавіцца.