Пры пажары на Круглянскім ільнозаводзе памёр начальнік варты
Падчас пажару на Круглянскім ільнозаводзе атрымаў траўмы начальнік варты. Ад траўмаў ён пазней памёр у лякарні.
Пра гэты трагічны выпадак Еўрарадыё распавеў прэс-сакратар Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Юрый Мятліцкі. Па яго словах, пажар на ільнозаводзе адбыўся ўдзень 27 лістапада. На яго лківідацыю былі накіраваныя падраздзяленні выратавальнікаў:
Мятліцкі: "Пры гашэнні пажару атрымаў траўму галавы часткай саманясучай навеснай бетоннай пліты начальнік варты лейтэнант унутранай службы Аляксандар Ніканчык. Ён быў шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне Круглянскага Цэнтральнага раённага шпіталя. Ад атрыманых траўмаў ён памёр".
У выніку пажару агонь знішчыў 1300 тон ільнотрасты ў рулонах, выратаваць удалося 500 тон ільнотрасты. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае выкарыстанне агня. Віноўныя высвятляюцца.