Пудышаў: “Звычайна піва мяне натхняе, а тут мне давялося піць адну ваду!”

Чаму ў беларускі спорт вяртаюцца легендарныя ветэраны У беларускі спорт нечакана вярнуліся ажно два легендарныя спартоўцы, якія даўно пакінулі прафесійныя заняткі. Сенсацыяй стаў выхад на футбольнае поле 53-гадовага Юрыя Пудышава – капітана мінскага “Дынама”, які ў 1982 годзе перамог у чэмпіянаце СССР. У гандболе на пляцоўку вярнуўся і 37-гадовы Андрэй Барбашынскі – алімпійскі чэмпіён 1992-га года.

Еўрарадыё паразмаўляла з абодвума, каб высветліць, што патрэбна прызнаным майстрам. Андрэй Барбашынскі абсалютна не шкадуе, што вярнуўся ў прафесійны спорт:

“Цяжка было і маральна, і фізічна. Калі ты развітваешся са спортам, то гэта такі ўдар, які не кожны вытрымае. Ты ж вяртаешся туды, дзе, можна сказаць, выгадаваўся і стаў чалавекам. У прынцыпе, не шкадую – ні аб тым, што раблю, ні аб тым, што зрабіў”.

Адзінае, на што скардзіцца алімпійскі чэмпіён, дык гэта на недахоп часу на сям’ю:

“Я любіў бавіць час дома разам з сям’ёю, зараз жа яго проста няма. Спорт забраў усе выходныя, таму што большасць гульняў праходзіць на выходныя. А так жыццё ў машыне і ў дарозе”.

Футбаліст Юры Пудышаў пасля вяртання ў беларускі футбол сумуе толькі па піве:

“Для мяне гэта было за радасць: вярнуцца, падрэжыміць. Ну як, два разы на дзень трэніроўка, ды яшчэ і ад піва давялося адмовіцца. Звычайна мяне піва натхняе, а тут давялося ваду адну піць. Ну, а астатняе для мяне толькі ў радасць было”.

Нават нягледзячы на ўзрост да спадара Барбашынскага калегі па камандзе звяртаюцца толькі па імю:

“Клічуць проста па імю. У нас проста вельмі розныя людзі: каму 17, каму 25 год, ва ўсіх іх розныя погляды”.

А да легендарнага капітана мінскага “Дынама” ўсё роўна звяртаюцца па імю па бацьку. Прычым сам Юры Аляксеевіч бачыць прычыну не толькі ва ўзросце:

“Канешне, па імю і імю па бацьку. Ну, па-першае, яны ўзростам мне за дзяцей ідуць, па-другое, проста паважаюць, таму і звяртаюцца “Аляксеевіч”.

Цікава, што спадар Барбашынскі нават і не супраць згуляць за зборную Беларусі па гандболе. Аднак з адной умовай – каб гэта не было клаўнадай:

“Клоўнам і дзеля таго, каб толькі было сказана, – не. Калі сапраўды будзе патрэбна, і, як кажуць, косткі мае не будуць супраць, то тады – як вырашыць трэнерскі штаб. Я далёка не загадваю, але планую ўдзельнічаць у матчах чэмпіяната Беларусі, якія будуць у лістападзе”.

Юры Пудышаў наконт зборнай пакуль не загадвае. Але футбаліст упэўнены, што ягоная кар’ера ў футболе яшчэ не скончаная. Да таго ж, перад матчам з мінскім “Дынама”, што прайшоў у мінулую суботу, Юры Аляксеевіч трэніраваўся разам з астатнімі гульцамі каманды “МТЗ-РІПА”:

"Я яшчэ згуляю, вось пачакайце! У канцы чэмпіяната, напэўна. Мне не цяжка, мы ж разам агульную справу робім. Тут жа правіла: выйшаў на поле – ніякага сяброўства, галоўнае – перамога!”