П'яны латвіец, падазраваны ў забойстве, спрабаваў прарвацца ў Беларусь
Здарэнне адбылося 11 траўня ў пункце пропуску "Грыгараўшчына".
46-гадовы мужчына на аўтамабілі "Mazda" на вялікай хуткасці ўварваўся ў Беларусь з боку Латвіі, збіўшы шлагбаўм. Памежнікі ўжылі сродкі прымусовага спынення — у іншамарцы былі прабітыя ўсе колы, паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта. Парушальнік пры затрыманні аказаў супраціў. Памежнікі і міліцыянт закавалі нецвярозага ліхача ў кайданкі.
Латвійскія памежнікі паведамілі, што з іх тэрыторыі кіроўца ехаў такім самым чынам — пратараніўшы шлагбаўмы на вялікай хуткасці. Акрамя таго, стала вядома, што мужчыну падазраюць у забойстве і ён знаходзіцца ў вышуку па лініі Інтэрпола.
У аўтамабілі парушальніка знайшлі чатыры газавыя пісталеты, адзін — траўматычны, штык-нож да АК-47, чатыры паляўнічыя нажы, аптычны прыцэл, 638 патронаў, тры біноклі, джынсы з плямамі, падобнымі да крыві, прадметы з выявай нямецкай свастыкі.
Праводзіцца разбіральніцтва.
Фота — gpk.gov.by