Пытанне аб прызнанні Абхазіі і Паўд. Асеціі не будзе разглядацца да вясны?

Беларусь спадзяецца на развіццё адносін з Грузіяй і вырашэнне каўказскай праблемы. Пра гэта заявіў кіраўнік дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Маскевіч у Тбілісі пасля сустрэчы са спікерам парламента Грузіі Давідам Бакрадзэ. "Мы вельмі задаволены шчырай размовай і спадзяемся, што і пытанне супрацоўніцтва Беларусі і Грузіі атрымае новы стымул для развіцця, і пытанні вырашэння каўказскай праблемы таксама будуць мець добры курс развіцця", — цытуе Маскевіча РИА "Новости".

Гаворачы пра магчымасць прызнання Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, ён адзначыў, што цяперашні візіт беларускіх дэпутатаў "з'яўляецца важным у гэтым кірунку". "Мы цяпер вывучаем гэтае пытанне", — сказаў кіраўнік парламенцкай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД.

Тым часам, расійская газета "Коммерсантъ" са спасылкай на члена міжнароднай камісіі беларускага парламента Віталя Бусько паведаміла, што пытанне аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі беларускі парламент не будзе разглядаць як мінімум да сакавіка 2010 года. Атрымаць афіцыйнае пацвярджэнне гэтай інфармацыі БелаПАН пакуль не ўдалося.