Р. Якаўлеўскі: "Справа Зэльцэра" можа паўплываць на адносіны з ЗША

Дзярждэпартамент ЗША заявіў аб зняважлівым абыходжанні з асуджаным амерыканскім грамадзянінам Эмануілам Зэльцэрам. Гэта можа быць чарговым сігналам Мінску аб неабходнасці спынення "гандлю" ў гэтай справе.  Як паведамляе "Хартыя-97", прадстаўнік новай амерыканскай адміністрацыі Эндру Лейн распавёў у размове з тэлеканалам FOX News, што супрацоўнікі амбасады ЗША ў Мінску ў рамках сваіх рэгулярных сустрэч з Зэльцэрам выказалі пратэст у сувязі з яго ўтрыманнем за кратамі. Яны прасілі забяспечыць яму "адпаведнае медыцынскае лячэнне ў сувязі з яго цяжкім станам".

А былы памочнік прэзідэнта Джорджа Буша Трэнт Дафі выказаўся, што гэта "найбольш значная заява" з усіх зробленых дагэтуль урадам ЗША ў гэтай справе.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што заява Дзярждэпартамента можа пэўным чынам паўплываць на беларуска-амерыканскія адносіны:

"Дынаміка так званага дыялогу з Захадам альбо кантактаў з Вашынгтонам з-за Зэльцэра скарэктуецца ў меней аптымістычным накірунку".


Якаўлеўскі адзначае, што дэмакратычная партыя ставіцца да правоў чалавека "больш ясна, чым "прагматыкі-рэспубліканцы". Ён мяркуе, што ў "справе Зэльцэра" афіцыйны Мінск згубіў пачуццё меры ў разліку, што можа "гандляваць гэтай тэмай бясконца".