Работнікам Баранавіцкага камбіната хлебапрадуктаў затрымалі заробкі
З-за пратэрміноўкі ў пагашэнні дзяржаўнага крэдыту на прадпрыемстве некалькі дзён былі заблакаваныя ўсе разліковыя рахункі.
За чэрвень работнікі прадпрыемства атрымалі ўсяго толькі па 1 мільёне 600 тысяч рублёў, піша газета Іntex-press. На хлебакамбінаце кажуць, што заробкі налічылі ўсім работнікам у поўным аб'ёме, але атрымаць грошы было складана.
Прадпрыемства пратэрмінавала выплаты па дзяржкрэдыце, таму Мінфін заблакаваў усе разліковыя рахункі. Праўда, кажа кіраўніцтва хлебакамбіната, на пачатку тыдня аплата па крэдыце была зробленая, рахункі разблакаваныя, і амаль усе работнікі ўжо атрымалі свае грошы.
Затрымку з выплатай крэдыту на прадпрыемстве тлумачаць шэрагам прычынаў. У іх ліку і фінансавае становішча калгасаў, якія не заўсёды своечасова і ў поўным аб'ёме могуць разлічыцца за адгружаны ім камбікорм, і нерэнтабельная вытворчасць сацыяльна-значнай прадукцыі.
Фота — govorim.by