Раманчук: Горшага часу для інвестыцыйнага форуму нельга падабраць

На фоне сусветнага эканамічнага крызісу Беларусь правядзе свой першы інвестыцыйны форум у Лондане 18 лістапада. Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што праводзіць эканамічны форум у такі час – бязглуздзіца. Ён таксама назваў будучае мерапрыемства турыстычнай паездкай беларускіх чыноўнікаў у Лондан. Яраслаў Раманчук: "Горшага часу нельга было падабраць. Таму што калі ўвесь свет цяпер: і ўрады, і інвестыцыйныя банкі, і інвестары думаюць аб тым, як залізаць свае раны, як падбіць свае балансы, каб увогуле не скаціцца ў рэцэсію. А тут беларусы будуць прадстаўляць нейкія інвестыцыйныя праграмы. Гэта проста бязглуздзіца. Гэта проста турыстычная паездка палітыкаў і чыноўнікаў для таго, каб паглядзець на стары добры Лондан. І нічога агульнага з канкрэтнай рэалізацыяй інвестыцыйных планаў гэта не мае".

А вось каардынатар падрыхтоўкі да форуму ў Лондане супрацоўніца кампаніі “Eventica” Алена Маісеева лічыць, што менавіта зараз, калі Беларусь стала больш адкрытай сусветнай супольнасці, самы час правесці інвестыцыйны форум.

Алена Маісеева: “Беларусь зараз становіцца больш адкрытай сусветнай супольнасці. А Лондан, як фінансавы, эканамічны цэнтр вельмі прывабны для такога кшталту форумаў. І таму ў сувязі з апошнімі падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі, гэта вельмі знакавае мерапрыемства”.

З тым, што добры старт у Лондане дае значныя шанцы паспяхова прадставіць сваю праграму і на іншых пляцоўках, згодны і Яраслаў Раманчук. Аднак, на яго думку, Беларусь такіх шанцаў не мае. Таму іншыя пляцоўкі для яе пакуль закрытыя.

Яраслаў Раманчук: “Іншых пляцовак пакуль не будзе, таму што сёння свету сусветных фінансаў і інвестыцый не да Беларусі, не да таго, што адбываецца ў нашай краіне. І нам патрэбныя зусім іншыя падыходы для таго, каб праводзіць інвестыцыйную палітыку і прыватызацыю”.

Аднак, як расказала Еўрарадыё супрацоўніца кампаніі “Eventica” Наталля Юзеніц, іх кампанію разрываюць званкі ад інвестараў з розных краінаў, якія хочуць укласці грошы ў беларускія прадпрыемствы. Так, па словах спадарыні Юзеніц, прапановы паступалі ўжо ад інвестараў з Брытаніі, Германіі, Украіны, Польшчы, Фінляндыі, Нарвегіі, Аўстрыі і Францыі. І фінансавы крызіс гэтаму зусім не перашкода.

Наталля Юзеніц: “Зацікаўленыя не толькі брытанскія, але ўсе інвестары з Еўропы. Таму што нам шмат хто тэлефануе і запісваецца на форум. І нават нягледзячы на сусветны фінансавы крызіс, бізнес жа развіваецца. Людзі шукаюць новыя рынкі. Таму гэта зусім ніяк не ўплывае на мерапрыемства. Тым больш што яно першае такога кшталту. Таму мне здаецца наадварот – людзям цікава ведаць пра новы рынак, які адкрываецца”.

Па інфармацыі Наталлі Юзеніц, на Форуме будзе прадстаўлена шэсць беларускіх інвестыцыйных праектаў. Астатнія – раздадуць прысутным на дысках. Спіс удзельнікаў пакуль знаходзіцца на зацвярджэнні ў Беларусі. Адзін з найбольш цікавых праектаў – будаўніцтва Дыснейлэнду пад Смалявічамі. Кошт праекту – 800 мільёнаў долараў.

І ўсё ж Яраслаў Раманчук бачыць іншы сэнс у надыходзячым Форуме. Ён лічыць, што гэта піяр-акцыя.

Яраслаў Раманчук: "Я думаю, што гэта такі буйны піяр. Думаю, гэты піяр будзе выкарыстоўвацца беларускім тэлебачаннем, дзяржаўнай прэсай для таго, каб сказаць, што ў нас прарыў. А куды прарыў? Прарыў ў інвестыцыйную дзірку, у якую сёння скатваецца фінансавая сістэма?"

Ці будзе плён ад інвестыцыйнага форуму, мы пабачым па яго выніках. Калі не – мерапрыемства можна будзе залічыць на рахунак піяршчыка Лорда Бэла.