Раніцай у суботу Расія атакавала захад Украіны — Луцк, Роўна, Хмяльніцкі

Атака расіян на Украіну / facebook.com/kpszsu
Атака расіян на Украіну / facebook.com/kpszsu

Раніцай у суботу 22 кастрычніка Расія атакавала заходнія раёны Украіны. Некалькі выбухаў адбылося ў Луцку — у некаторых раёнах горада цяпер адсутнічае электрычнасць. Абстрэлу падвергнуўся Роўна — паведамляецца аб перабоях з цяплом і вадой.

Аб працы сістэм СПА паведамляюць улады Кіеўскай, Чарнігаўскай, Адэскай і Львоўскай абласцей. Кіраўнік Хмяльніцкай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гамалій заклікае грамадзян спусціцца ва ўкрыцці.

Аб праблемах з энергазабеспячэннем паведамляе і кіраўнік Цярнопаля Сяргей Надал.

Як паведамляе аператыўнае камандаванне "Поўдзень" УСУ, расіяне працягваюць абстрэльваць Украіну з дапамогай дронаў-камікадзэ. Мінулай ноччу падчас масавага ўдару па паўднёвых рэгіёнах украінскія СПА збілі 10 ударных беспілотнікаў.

Кіраўнік офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак напісаў, што Украіна зноў падверглася ракетным абстрэлам "ад тэрарыстаў, якія ваююць з грамадзянскай іфраструктурай і людзьмі". Гэта, на думку Ярмака, робіць украінцаў больш злоснымі.

"А гэта азначае, што наш адказ будзе яшчэ мацнейшым", — сказаў дарадца Зяленскага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.