Расія перадала ў беларускі МЗС ноту па затрыманні навукоўца Ажароўскага

Амбасада Расіі ў Беларусі накіравала ў беларускае Міністэрства замежных спраў ноту ў сувязі з затрыманнем у Астраўцы (Гродзенская вобласць) расійскага фізіка-атамшчыка Андрэя Ажароўскага. Як паведамляе БелаПАН, папярэднюю інфармацыю пра здарэнне амбасада атрымала 9 кастрычніка. Нота перададзеная 12 кастрычніка ў консульскі аддзел МЗС для высвятлення дэталяў інцыдэнту.

Нагадаем, увечары 9 кастрычніка каардынатар групы "Экозащита" (Масква) фізік-атамшчык Андрэй Ажароўскі быў асуджаны на 7 сутак арышту па абвінавачванні ў дробным хуліганстве.

Навукоўца затрымалі 9 кастрычніка ў Астраўцы, куды ён прыехаў для ўдзелу ў грамадскіх слуханнях па беларускай АЭС. Ажароўскага забралі ў міліцэйскі пастарунак, дзе ў яго канфіскавалі 94 друкаваныя матэрыялы пад назвай "Крытычныя водгукі адносна папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС".