Расія перарывае перамовы з Мінскам у справе паставак малочнай прадукцыі

Расія бярэ тайм-аўт у перамовах з Беларуссю ў справе паставак на расійскі рынак беларускай малочнай прадукцыі для ўдакладнення пазіцыі Мінска. Аб гэтым у аўторак паведаміў кіраўнік Расспажыўнагляду, галоўны санітарны лекар Расіі Генадзь Анішчанка. "Публічныя каментары афіцыйных асобаў Беларусі, якія мы атрымалі з прэсы гэтай краіны, а таксама каментары афіцыйных СМІ, напрыклад "Советской Белоруссии", далі мне ўсе падставы сумнявацца ў тым, што дамоўленасці з дэлегацыяй з Мінска, якая знаходзіцца ў Маскве, супадаюць з пазіцыяй афіцыйных асобаў Беларусі. Каб не марнаваць іх час і наш, мы для ўдакладнення пазіцый бярэм тайм-аўт і, у залежнасці ад вынікаў іх тлумачэнняў, вырашым, ці будзем працягваць гэтую працу ці не", — сказаў Анішчанка. 

Як паведамляе РИА "Новости", Генадзь Анішчанка не здолеў назваць магчымыя тэрміны аднаўлення перамоваў.