Расія саступіла ў лідарстве па здабычы нафты ў 2014 годзе

Паводле вынікаў за 2014 год сусветным лідарам па здабычы нафты сталі ЗША, абагнаўшы Расію, вынікае з сярэднетэрміновага прагнозу Міжнароднага энэргетычнага агенцтва (МЭА). За год ЗША павялічылі здабычу на 1,5 млн барэляў за суткі да 11,81 млн. Аналагічны паказчык у Расіі за гэты перыяд павялічыўся толькі на 50 000 барэляў за суткі —да 10,93 млн. Саудаўская Аравія па-ранейшаму займае трэцяе месца.

МЭА падчас падліку здабычы не ўлічвае газавы кандэнсат, які займае каля 15% у сумарнай здабычы краін АПЕК. Калі яго ўлічваць, то Саудаўская Аравія стане сусветным лідарам па здабычы вадкіх вуглевадародаў.

У бліжэйшы час адрыў ЗША будзе расці, прагназуе МЭА. Асноўнае павелічэнне здабычы ў ЗША да 2020 года прыпадзе на сланцавую нафту: калі ў мінулым годзе яе здабыча склала 3,6 млн барэляў за суткі, да 2020 года яна ўзрасце да 5,2 млн, прагназуе агенцтва.

Сёлета Масква чакае зніжэння сваёй здабычы на 0,6%. Віцэ-прэм’ер Расіі Аркадзь Дварковіч адзначае, што захаванне здабычы на ўзроўні 2014 года магчымае пры коштах на нафту ў 50-60 долараў за барэль.

“Раснафта” і “Лукойл” прагназуюць сёлета здабычу на ўзроўні 2014 года. Аднак віцэ-прэзідэнт “Лукойла” Леанід Фядун яшчэ ў лістападзе папярэджваў, што пры захаванні санкцыяў і нізкіх коштаў на нафту здабыча ў Расіі можа скараціцца на 5-7% у бліжэйшыя 4-5 гадоў, перадае партал Ведомости.

Фота — forumdaily.com