Расійская дэлегацыя сышла падчас выступу Саакашвілі ў ААН
Прадстаўнікі Расіі пакінулі паседжанне Генасамблеі ААН падчас прамовы прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі.
Як заявіў пастаянны прадстаўнік РФ у ААН Віталь Чуркін, такое рашэнне яны прынялі на знак пратэсту супраць антырасійскай скіраванасці выступу грузінскага лідара, перадае РБК.
Чуркін адзначыў, што выступ грузінскага кіраўніка меў не толькі русафобскі, але і "антыправаслаўны" характар. Таксама ён выказаў сумнеў у псіхічным здароўі Саакашвілі.
У сваім выступе прэзідэнт Грузіі заявіў, што Расія "ў адрозненне ад іншых дзяржаваў не зацікаўленая ў стабільнасці ў суседніх краінах". На яго думку, расійскаму кіраўніцтву не падабаецца сама ідэя "моцных урадаў у Грузіі, Украіне і Малдове". Саакашвілі згадаў "гандлёвую вайну" Расіі супраць Украіны, а таксама "акупацыю расійскімі войскамі тэрыторыі Грузіі". У сваім выступе Саакашвілі супрацьпаставіў Еўразійскі Саюз і Еўрасаюз.
Фота — ntv.ru