Расійскі бізнэсмэн выкладзе $52 млн за асабняк Версачэ

Расійскі бізнэсмэн-рэстаратар Аркадзь Новікаў мае намер купіць асабняк на возеры Кома ў Італіі, які належаў забітаму ў 1997 годзе легендарнаму мадэльеру Джані Версачэ. "Маленькае палацца" абыйдзецца 46-гадоваму Новікаву ў 26 млн фунтаў стэрлінгаў (каля $52 млн). Журналісты адзначаюць, што Новікаў прапанаваў на 3 мільёны больш за ўсталяваны прадстаўнікамі дома Versace кошт, каб цалкам гарантаваць заключэнне здзелкі.

Пабудаваны ў ХІХ стагоддзі чатырохпавярховы асабняк быў улюбёным месцам куцюр'е, ён амаль кожныя выходныя ладзіў там вечарынкі, на якіх прысутнічалі прынцэса Дыяна і такія сусветныя зоркі, як Элтан Джон, Стынг і Мадона.

Апошняе дзесяцігоддзе асабняк пуставаў, калі не лічыць, што ў 2001 годзе амерыканская актрыса Джэніфер Лопэс, па ўзгадненні з сям'ёй нябожчыка, правяла там мядовы месяц.

Джані Версачэ нарадзіўся 1 снежня 1946 года ў мястэчку Рэджо ды Калабрыя на поўдні Італіі ў майстэрні сваёй маці, якая была краўчыхай. Усё дзяцінства ён правёў сярод адзежы, і гэта вызначыла яго лёс.

У 1976-м Джані разам з братам Санта заснаваў уласную гандлёвую марку Gianni Versace, якая паклала пачатак імперыі моды Версачэ і прынесла неверагодны прыбытак: на момант гібелі асабістае багацьце куцюр'е ацэньвалася ў $800 млн.

Жыццё Версачэ трагічна абарвалася 15 ліпеня 1997 года ў Маямі: ён быў застрэлены нікому не вядомым у той час Эндру Кунананам.

Па некаторых звестках, Кунанан на працягу некалькіх гадоў быў палюбоўнікам Версачэ, аднак сям'я мадэльера гэты факт адмаўляе. Праз некалькі дзён забойца Версачэ пакончыў з сабою.

Пасля смерці дом моды Версачэ ўзначаліла сястра Джані — Данатэла.

Фота: www.sovsekretno.ru