Расійскім СМІ і ведамствам рэкамендавана ўжываць назву "Беларусь"

Расійскім СМІ, міністэрствам і ведамствам рэкамендавана ўжываць назву Беларусь, а не "Белоруссия". Такое рашэнне было прынятае на Аб'яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Расіі ў чацвер у Мінску.  Міністр юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў заявіў, што па выніках калегіі будзе дадзена ўказанне ўсім органам юстыцыі Расіі, каб у міністэрствы і ведамствы Расійскай Федэрацыі быў падрыхтаваны адпаведны ліст аб неабходнасці ўжывання назвы "Республика Беларусь" у афіцыйных дакументах. Як адзначае "Інтэрфакс", такі самы ліст будзе накіраваны і ў сродкі масавай інфармацыі.

Міністр юстыцыі Расіі Аляксандр Канавалаў адзначыў, што пытанне аб выкарыстанні афіцыйнай назвы Рэспублікі Беларусь з'яўляецца не палемічным, а чыста тэхнічным. "Я не ўпэўнены, што ўсе СМІ Расіі будуць ужываць афіцыйную назву, аднак ужыванне назвы "Белоруссия" ніяк не звязана з нейкай знявагай братэрскай краіны — хутчэй, гаворка ідзе пра гістарычную звычку, а не форму вялікадзяржаўнага шавінізму", — сказаў чыноўнік.

Ён падкрэсліў, што міністэрства юстыцыі Расіі збіраецца правесці экспертызу дакументаў дзяржорганаў Расійскай Федэрацыі на прадмет ужывання афіцыйнай назвы Рэспублікі Беларусь.