Расійскія кінакампаніі замарозілі 30 адсоткаў фільмаў

Расійскія прадзюсары замарозілі 30 адсоткаў ад усіх ужо запушчаных у вытворчасць кінафільмаў з-за фінансавага крызісу. Аб гэтым піша газета "КоммерсантЪ".
Гендырэктар кінаканцэрна "Масфільм" Карэн Шахназараў адзначыў, што за апошнія два месяцы з 89 кінапраектаў былі замарожаны 20-25 адсоткаў. Па яго адзнацы, гэтулькі праектаў адначасова прыпыняецца ўпершыню з крызісу 1998 года.

"Камерсант" піша, што ўсяго ў Расіі замарожана каля 70 з 250 на розных стадыях вытворчасці фільмаў. Фундатары прыпынілі фінансаванне праектаў, а атрымаць банкаўскія крэдыты для кінакампаній стала значна складаней.

У 2007 годзе ў Расіі выйшла ў пракат 370 фільмаў, з якіх 85 - расійскія карціны. На расійскія фільмы прыходзіцца каля 30 адсоткаў агульных касавых збораў, якія ў 2007 году склалі 548 мільёнаў долараў.

Раней паведамлялася, што кінакампанія "Амедиа", адзін з найбуйнейшых у Расіі вытворцаў тэлесерыялаў, у пяць разоў скараціла свой штат супрацоўнікаў і замарозіла 70 новых праектаў.