Расійскую амбасаду закідалі бутэлькамі з гаручай сумессю (відэа)

Міліцыянты сцвярджаюць, што нападнікаў было двое. Эксперты не выключаюць, што дзейнічалі спецслужбы — расійскія ці беларускія.
Увечары 30 жніўня невядомыя кінулі бутэлькі з гаручай сумессю ў будынак расійскай амбасады ў Мінску.

Здарэнне адбылося каля 23 гадзінаў. На тэрыторыю расійскай амбасады былі кінутыя дзве бутэлькі з гаручай вадкасцю. Адна з іх трапіла ў прыпаркаваны на тэрыторыі амбасады аўтамабіль.

Аднак вялікага пажару не было, дапамога пажарнікаў не спатрэбілася. Паводле інфармацыі РІА "Новости", ніхто не пацярпеў.



10:10 Нападнікаў на расійскую амбасаду зафіксавалі камеры відэаназірання

Зміцер Лукашук

Камеры відэаназірання вакол расійскай амбасады ў Мінску зафіксавалі злачынцаў, якія вечарам 30 верасня кінулі на яе тэрыторыю бутэлькі з гаручай сумессю. Пра гэта Еўрарадыё расказаў адзін з супрацоўнікаў амбасады.

Супрацоўнік амбасады: “Усё зафіксана”.
Еўрарадыё: “І добра бачныя нападнікі?”
Супрацоўнік амбасады: “Так”.

Вось толькі колькі гэтых нападнікаў было, у амбасадзе не адказалі. І адмовіліся ад усялякіх іншых каментароў. Маўляў, зараз ідзе разбіральніцтва.

Нагадаем, што здарэнне адбылося каля 23 гадзінаў. На тэрыторыю расійскай амбасады былі кінутыя дзве, а па іншых звестках – адна бутэлька з гаручай вадкасцю. Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не пацярпеў.


10:10 МЗС Беларусі асудзіў тэракт у расійскай амбасадзе

Міністэрства замежных справаў Беларусі выказала заклапочанасць у сувязі з інцыдэнтам на тэрыторыі расійскага пасольства.

"Мы з заклапочанасцю і абурэннем успрынялі інфармацыю пра здарэнне каля амбасады Расійскай Федэрацыі. Гэта злачынная хуліганская выхадка накіраваная супраць здаровага сэнсу і беларуска-расійскіх адносін", — гаворыцца ў адмысловай заяве прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных.

Па словах прэс-сакратара, беларускі бок разлічвае, што вінаватыя панясуць суровае пакаранне ў адпаведнасці з законам.


10:47 Міліцыя: нападнікаў было двое, і на іх пачалі справу

Зміцер Лукашук

Напад на расійскую амбасаду здзейснілі два чалавекі. Па факце здарэння распачатая крымінальная справа. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.

Ластоўскі: “Падчас агляду месца здарэння супрацоўнікамі следча-аператыўнай групы Цэнтральнага РАУС былі знойдзены шкляная бутэлька ёмістасцю 0,33 л з-пад слабаалкагольнага напою з рэшткамі гаручай сумесі, а таксама рэшткі шкляной бутэлькі з фіцілём. Зараз следча-аператыўная група працягвае працу на месцы здарэння. Мяркуецца, што гэта напад з хуліганскіх памкненняў здзейснілі два чалавекі, асобы якіх высвятляюцца. Распачатая крымінальная справа па артыкуле 339 “Хуліганства” Крымінальнага кодэкса Беларусі”.

У выніку нападу, кажа Ластоўскі, быў падпалены аўтамабіль амбасады "Mazda 3". Але і ён моцна не пацярпеў, бо пажар своечасова пагасілі супрацоўнікі спецбатальёна міліцыі ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС па ахове дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў.

Па яго словах, запісы камер відэаназірання з расійскай амбасады былі перададзеныя ў следчую групу. Але ці бачныя на ёй твары нападнікаў і ці ёсць ужо іх фотаробат, Ластоўскі казаць адмовіўся.

Ластоўскі: “Гэта інфармацыя з’яўляецца закрытай. У інтарэсах следства мы не можам яе агучваць, каб не інфармаваць магчымых падазроных асоб пра тое, на якім свеце зараз знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі ў сэнсе высвятлення асоб і іх затрымання”.

Еўрарадыё пацікавілася, ці не стаў напад на амбасаду адказам пэўных сіл у Беларусі на паказ па расійскіх каналах фільмаў, якія дыскрэдытуюць кіраўніка Беларусі і яе вышэйшае кіраўніцтва. Але кіраўнік прэс-службы ГУУС адмовіўся ад каментароў на гэтую тэму.


11.:05 Расійская амбасада передала ноту ў беларускі МЗС

Віталь Ругайн

Расійская амбасада перадала ноту ў Міністэрства замежных справаў Беларусі ў сувязі з інцыдэнтам, які адбыўся 30 жніўня на тэррыторыі амбасады.

"У Міністэрства замежных справаў перададзена нота амбасады Расійскай Федэрацыі з інфармацыяй аб інцыдэнце і просьбай аказаць спрыянне ў правядзенні дасканалага расследавання. Хачу падкрэсліць, што ўсе кампетэнтныя органы ўжо аказваюць такое садзейнічанне", - заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

Нагадаем, раней беларускі МЗС асудзіў інцыдэнт у расійскай амбасадзе.


11:57 Маскоўская міліцыя ўзмацніла ахову амбасады Беларусі ў Расіі

Маскоўская міліцыя паставіліа дадатковую ахову ў каля беларускай амбасады ў Маскве. Нагодай, як паведамляе РІА "Новости", стаў інцыдэнт у Мінску.

Па словах начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Масквы Вячаслава Казлова, аператыўныя нарады былі набліжаныя да амбасады Беларусі.

Нагадаем, што мінская міліцыя пачала крымінальную справу па артыкуле "хуліганства" і высвятляе асобы двух падазроных.


12:12 Костка: Атаку на амбасаду ўчынілі спецслужбы

Зміцер Лукашук

На думку былога супрацоўніка КДБ Беларусі Валерыя Косткі, малаверагодна, што напад на расійскую амабасаду ў Мінску маглі здзейсніць нейкія прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі, незадаволеныя фільмам “Хросны бацька”. Хутчэй, кажа ён, за гэтым стаяць альбо беларускія, альбо расійскія спецслужбы.

Костка: “Звычайна такімі акцыямі ніхто не жартуе. І версія, што гэта зрабілі грамадзяне, незадаволеныя “Хросным бацькам”, яна менш за ўсё верагодная. Зараз ідзе вялікая гульня, а дзе палітычная гульня на постсавецкай прасторы, такой, як Расія і Беларусь, там абавязкова павінны прысутнічаць спецслужбы хоць у нейкім выглядзе. Тое, што звязана з выбухамі, забойствамі снайперамі, – за гэтым на 98-99% стаяць спецслужбы”.

Апроч таго, ён нагадаў пра скандал з эстонскім дыпламатам і затрыманнем літоўскага паліцыянта. Усё гэта, лічыць Костка, сведчыць пра тое, што камусьці выгадна зараз сапсаваць адносіны Беларусі з краінамі-суседзямі. А тое, што ўсё гэта адбываецца напярэдадні выбараў, сведчыць, што тут няма ні тэрарызму, ні хуліганства, а толькі “чыстая” палітыка. Праўда, экспер не ўдакладніў, каму гэтыя канфлікты могуць быць выгадныя.


12:35 Шаўцоў: На расійскую амбасаду магла напасці радыкальная групоўка

Зміцер Лукашук

Палітолаг Юрый Шаўцоў выказаў меркаванне, што кінуць бутэлькі з гаручай сумессю маглі сябры нейкай радыкальнай беларускай групоўкі.

Шаўцоў: “Яшчэ нядаўна, калі ў нас праходзілі больш-менш заўважныя дэманстрацыі, у нас было нямала людзей, якія закрывалі твары, якія маглі і машыну перакуліць, і камянямі закідаць міліцыю. І нават ганарыліся тым, што ездзілі ў нейкія ваенізаваныя лагеры ў Беларусі і ва Ўкраіне. Бог яго ведае, што ад іх засталося зараз, але выключаць гэтага нельга”.

Праўда, Шаўцоў таксама прызнаў, што за такімі групоўкамі вельмі пільна назіраюць спецслужбы і большасць іх спецслужбы і курыруюць. А вось версія, што гэта маглі здзейсніць “радыкалы” з БРСМ выклікала ў яго смех. Па словах Шаўцова, БРСМ – гэта арганізацыя, дзе сабраліся маладыя бюракраты і кар’ерысты. І яны могуць наклеіць налепку на сметніцу, але на нешта больш радыкальнае не здольныя.


13:28 Суздальцаў: Расійскую амбасаду атакаваў БРСМ

На пытанне Еўрарадыё: “Хто мог стаяць за нападам на расійскую амбасаду?” расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў коратка адказаў: “БРСМ”.

Суздальцаў: “Гэта ж правакацыя! Я не думаю, што такімі рэчамі будзе займацца нацыялістычная моладзь. Яны выдатна разумеюць, што сённяшняе абвастрэнне сітуацыі паміж Масквой і Мінскам – гэта наўпроставы вынік дзейнасці Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. І калі гэта дзейнічала б нацыяналістычная моладзь, то яна б дапамагала Лукашэнку. Таму я лічу, што гэта найхутчэй БРСМ. Які ў гэтым удзел беларускіх спецслужбаў – ім лепш відаць. Мы са спецслужбамі не звязаныя і не ведаем, як яны там працуюць. Але тое, што гэта зроблена па заданні, што гэта не самастойныя дзеянні, гэта на 100%”.

Ён упэўнены ў тым, што адной нотай пратэсту расійскага МЗС справа не закончыцца. Кажа, трэба чакаць зімы ва ўзаемаадносінах.


Фота: сайт Амбасады РФ у Беларусі