Распрацаваны план ліквідацыі пахавання пестыцыдаў каля латвійскай мяжы

Распрацаваны план ліквідацыі Верхнедзвінскага пахавання непрыдатных пестыцыдаў. Яго аўтарамі з’яўляюцца спецыялісты Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама беларускія эколагі.  Гэтае пахаванне, размешчанае ў басейне Заходняй Дзвіны (у 8 кіламетрах ад мяжы з Латвіяй), з’яўляецца адным з найбуйнейшых у Беларусі. Яго стварылі яшчэ ў савецкія часы, каля 30 гадоў таму.

Спецыялісты мяркуюць, што існуе рэальная небяспека патраплення пестыцыдаў у ваду, бо ў 20 метрах ад яго знаходзяцца ручаі, якія ўпадаюць у раку Тур’я. Падчас веснавой паводкі ўся тэрыторыя пахавання заліваецца вадой.

Паводле распрацаванага плану, спачатку будуць зробленыя пробныя ўскрыцці Верхнядзінскага пахавання. Калі ўдасца высветліць, што пестыцыды можна дастаць з зямлі, іх, а таксама заражаную глебу адправяць для канчатковай утылізацыі.

Мяркуецца, што гэта будзе зроблена ў Фінляндыі. Беларускія ўлады і эколагі спадзяюцца, што сродкі на правядзенне гэтай аперацыі ўдасца атрымаць ад Еўрасаюза.

Нагадаем, што цяпер у Беларусі існуюць 7 пахаванняў пестыцыдаў. У адным з іх, якое размешчанае на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, ужо пачаліся ліквідацыйныя мерапрыемствы.

БелаПАН