Расследаванне па справе самалёта са зброяй завершаць на наступным тыдні?

Расследаванне па справе пра затрыманне ў Бангкоку самалёта Іл-76 з нелегальнай партыяй зброі з Паўночнай Карэі завершыцца на наступным тыдні. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Тайланда Апхісіт Вечачыва ў тэлеэфіры ўвечары 22 снежня, паведамляе БелаПАН. Вынікі расследавання будуць накіраваныя ў ААН, і толькі потым можна будзе вырашыць, ці знішчыць затрыманую зброю, ці рэквізаваць яе для патрэб тайландскіх узброеных сіл, сказаў прэм'ер.

Як адзначаюць мясцовыя СМІ, расследаванне, якое робіцца для ААН, не адаб'ецца на лёсе экіпажа самалёта. Нагадаем, што лётчыкаў вінавацяць у паведамленні лжывых звестак пра характар грузу тайландскім уладам і незаконным захоўванні зброі.

Як паведамлялася, сярод чальцоў экіпажа чацвёра грамадзян Казахстана і 54-гадовы грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў, які працаваў бортінжынерам.

14 снежня крымінальны суд Бангкока пастанавіў узяць пад іх варту і падоўжыў тэрмін затрымання на 12 дзён. Агулам на правядзенне следства па крымінальных справах заканадаўства Тайланда прадугледжвае 84 дні. Але калі следства не будзе завершана ў тэрмін, пракуратура можа папрасіць у суда дазвол на яго падаўжэнне.

Па тайскіх законах, лётчыкам пагражае пажыццёвы турэмны тэрмін. Акрамя таго, ім могуць выставіць абвінавачанні ў нелегальным захоўванні выбуховых рэчываў, за што прадугледжваецца пакаранне ад двух гадоў пазбаўлення волі да смяротнага пакарання.

Чальцы экіпажа сцвярджаюць, што не ведалі пра характар грузу, а перавозілі абсталяванне для свідравання нафтавых свідравін.