Раз на тыдзень чэшскія жабракі пераўтвараюцца ў "пні" і "козачак"

Але не таму, што напіваюцца да стану дроваў і цокаюць капытамі, а таму што граюць у тэатры!
У адзін чэшскі панядзелак Еўрарадыё запрасілі на рэпетыцыю у дзіўны тэатр. Называецца ён “Ежэк і Чыжэк” (“Ježek a čížek”) і знаходзіцца ў невялічкім падвальным памяшканні не далёка ад цэнтру Прагі.

Дзіўнае ў гэтым тэатры тое, што акторы там — бамжы!

“10 гадоў таму студэнт тэатральнай акадэміі Мірэд Драбэк разам са сваімі сябрамі заснавалі тэатр для бяздомных” — распавяла Еўрарадыё цяперашні рэжысёр “Ежэка і Чыжэка” Магдалена Камарава (Magdaléna Komárová).



З таго часу стваральнік праекту рушыў далей — зараз ён займаецца тэатрам для наркаманаў. Але жабрачы тэатр застаўся і паспяхова ладзіць свае выступленні.

Магдалена Камарава: “Мы выступаем перад такімі ж людзьмі, як і самі акторы — перад жабракамі. Я лічу, што гэта вельмі важна, каб такая публіка наведвала нашыя выступленні, каб яна бачыла альтэрнатыву. Таксама мы выступаем перад студэнтамі. А яшчэ ездзім на фестывалі. У Братыславе, напрыклад, штоснежань праходзіць Фестываль бяздомных тэатраў”.

У месяц “Ежэк і чыжэк” даюць па 2, а часам і па 4 спектаклі. Па вулічнай традыцыі — бясплатныя, ці за невялікую капеечку, па жаданні публікі.

Якім жа чынам чэшскія бамжы зацікавіліся тэатрам? Чаму яны ходзяць на рэпетыцыі замест сваіх звычайных жабрацкіх заняткаў? Еўрарадыё распавялі пра гэта самі акторы:

Актор: "Гэта лепш, чым заставацца ў парку. Тут вельмі весела, і мы разам шыкоўна бавім час!"

Актор 2: "А для мяне гэта не забава, я сюды прыхожу як на працу, бо адчуваю сябе акторам!"



Акторка: "Мае дзеці вельмі радыя, калі я сюды хажу. Калі я на рэпетыцыі, яны могуць быць спакойныя, што я карысна правожу вольны час, а не п'ю дзе-небудзь у парку..."

Тэатр сапраўды стрымлівае бамжоў ад спакусы "напіцца і забыцца", бо на рэпетыцыі і імпрэзы забаронена прыходзіць нападпітку ці пад наркотыкамі. Таму часам вельмі складана ставіць спектаклі, бо бяздомныя маюць свой нораў і праз такія жорсткія правілы могуць калі-некалі і "забіць" на выступленне.



Чаму рэжысёрка Магдалена выбрала працаваць у такім "ненадзейным" тэатры?

"Гэта можна выглядаць дзіўна... Але 10 гадоў таму я скончыла ў Братыславе тэатральную Акадэмію, і пачала гуляць у Нацыянальным тэатры. І за некалькі год я згубіла сябе... Я не магла знайсці прычыны, з якой мне варта працыгваць займацца класічным тэатрам. Я закінула ўсё гэта на некалькі гадоў... І калі трапіла на гэтую працу — у тэатры для бяздомных — усё стала на свае месцы. Зараз я адчуваю, што раблю сапраўды нешта важнае”. — Прызналася Еўрарадыё Магдалена Камарава.

Назіраючы за рэпетыцыяй, можна было не сумнявацца ў словах рэжысёркі — актораў сапраўды захапляла “дзівадло”. Нават нягледзячы на тое, што адным прыходзілася граць казла з казой, а другім — пянькі ў лесе — бяздомныя акторы аддаваліся сваё справе на 100%.



А яшчэ чэшскія бамжы, як сапраўдныя акцёры, мараць пра Ролю! Але не Гамлета ці Паўлінкі.

Актор: "Не важна якая гэта будзе роля, галоўнае, каб у прафесійным тэатры, на сапраўднай сцэне…"

Дарэчы, адзін з бамжоў прызнаўся, што паходзіць з сям'і тэатралаў і марыць хутчэй не пра тэатр, а пра Оперу, бо ўсё дзяцінства спяваў.

Еўрарадыё прапанавала яму не чакаць лепшых часоў, а скарыстацца магчымасцю і праславіцца на ўсю Беларусь. Вітайце! Карэл Лампа (Karel Lampa).



Фота: Міла Котка

Удзельнічай у конкурсе "Тэлепорт у Чэхію" і выйграй 2 квіткі ў Прагу!