Разгляд позвы ПКБ да Мінюста перанесены на больш позні тэрмін

Разгляд позвы Цэнтральнага камітэта Партыі камуністаў Беларускай да Міністэрства юстыцыі, які меўся адбыцца ў Вярхоўным судзе сёння, перанесены на больш позні тэрмін. Пра гэта паведаміў старшыня ПКБ Сяргей Калякін.
Нагадаем, што 7 траўня Вярхоўны суд мусіў разгледзець скаргу ПКБ на два пісьмовыя папярэджанні Мінюста. Першае папярэджанне было вынесена па выніках праверкі спісаў членаў партыі. Другое папярэджанне ПКБ атрымала за ўдзел ва ўстаноўчай канферэнцыі Саюза левых партый у Чарнігаве.

Паводле слоў лідэра партыі Сяргея Калякіна, Вярхоўным судом прынята да разгляду касацыйная скарга ПКБ на адмаўленне ў рэгістрацыі мінскай гарадской арганізацыі партыі. Па словах палітыка, органы юстыцыі не рэгіструюць "без усякіх падстаў" мінскую гарадскую арганізацыю, Мінюст "выстаўляе прэтэнзіі з-за яе адсутнасці".

"Нам аб'явілі за гэта папярэджанне, якое мы абскардзілі, - сказаў старшыня ПКБ. - Скарга аб нерэгістрацыі будзе разгледжана 21 траўня, пасля гэтага будзе прызначана дата разгляду сённяшяй справы".