Рэаніматолаг Мінздрава: Клінічная смерць — нашая руцінная праца!

Доктар медыцынскіх навук, прафесар Георгій Ілюкевіч распавёў Еўрарадыё пра тое, што такое клінічная смерць і як з яе выйсці Галоўны пазаштатны анестэзіёлаг і рэаніматолаг Міністэрства аховы здароўя Георгій Ілюкевіч за шматгадовую практыку часта сутыкаўся з пацыентамі, якія перажылі клінічную смерць. Часцей за ўсе гэтыя людзі распавядалі пра тое, што бачылі святло ў канцы тунэлю ці назіралі за сваім целам звонку. Георгій Ілюкевіч кажа, што хутчэй за ўсе гэта наступства празаічнага адмірання клетак мозгу:

"Гэта суб'ектыўнае ўяўленне кожнага. Ведаеце, клеткі мозгу адміраюць паэтапна, па слаях. Таму пацыент запамінае свае ўражанні ад таго, як які-небудзь слой застаўся жыццяздольным, а потым распавядае, як яму хочацца".

Сам прафесар Ілюкевіч займаецца праблемай канстатавання смерці мозгу. Гаворыць, што клінічная смерць для яго не аб'ект даследавання, а хутчэй за ўсё руцінная праца.

Георгій Ілюкевіч: "Гаворка ідзе пра канстатаванне смерці мозгу паводле зменаў, якія адбываюцца падчас клінічнай смерці. Гэта нават нельга назваць даследаваннем, гэта нашая руцінная праца".

Калі так здарылася, што вы пабачылі святло ў канцы тунэлю, тады вам патрэбнае хуткае медыцынскае ўмяшальніцтва, распавядае Георгій Ілюкевіч: бо самастойна пераадолець клінічную смерць ні ў каго не атрымоўвалася.

Георгій Ілюкевіч: "Выйсці з клінічнай смерці самастойна, без дапамогі звонку немагчыма. Ёсць спецыяльная схема правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў: туды ўключаюцца рэспіраторная падтрымка, закрыты масаж сэрца, электрашок, дэфібрыляцыя".

Увага клінічнай смерці надаецца не проста так, бо клінічны памерлы — патэнцыйны донар унутраных органаў, а транспланталогія зараз вельмі актуальная.

Георгій Ілюкевіч: "Клінічная смерць і дыягностыка смерці мозгу набывае актуальнасць у сувязі з актыўным развіццём транспланталогіі. Калі дыягнастуецца смерць мозгу, тут і ўзнікае пытанне аб транспланталогіі. Бо транспланталогія ўсё ж працуе на чалавечых органах".

Мы пацікавіліся ў прафесара Ілюкевіча, ці можна як-небудзь штучна выклікаць клінічную смерць, каб на ўласныя вочы пабачыць святло ў канцы тунэлю. Ён адказаў, што ў гэтым нам маглі б дапамагчы хіба што фашысты.

Георгій Ілюкевіч: "У людзей гэты стан штучна не выклікаецца. Гэта быў бы фашызм нейкі".