Рэдакцыю “Народнай волі” пікетавалі 12 “байцоў” БРСМ

Актывісты Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі зладзілі несанкцыяваны пікет каля рэдакцыі газеты “Народная воля”. Пікетоўцы заявілі, што яны абураныя ўспамінамі Іллі Копыла, апублікаванымі ў выданні. У адказ намесніца рэдактара Святлана Калінкіна рытарычна перапытала, ці памятаюць маладыя людзі, што было 65 гадоў таму.

Дарэчы, абодва канфліктныя бакі абмяняліся падарункамі. Актывісты БРСМ прэзентавалі журналістам георгіеўскія стужкі і кнігі “Памяць”. На кожнай кніжцы быў прылеплены аркуш з надпісам: “Освежите память!”. У сваю чаргу, журналіст газеты Віталь Гарбузаў падарыў кожнаму з пікетоўцаў па асобніку “Народнай волі”.

Віталь Гарбузаў: “Яны сталі з плакатамі. На плакатах было напісана, напрыклад: “Народная” воля ли?” Да іх у арганізацыю быццам бы прыходзяць ветэраны і скардзяцца на тое, што “Народная воля” друкуе скажоную гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Яны потым прыйшлі ў рэдакцыю, дзе з імі пагутарыла шэф-рэдактар газеты Святлана Калінкіна. Яны выклала тую ж самую пазіцыю, што тыдзень таму мы казалі ветэранам – пра тое, што “Народная воля” друкуе розныя меркаванні, і калі ў вас ёсць свае меркаванні – калі ласка, пакідайце іх! Але маладыя людзі пастаялі і разышліся”.

Нагадаем, тыдзень таму рэдакцыю з аналагічнымі заклікамі пікетавалі сябры сталічнай ветэранскай арганізацыі. У абодвух выпадках акцыі ладзіліся пад пільнымі аб’ектывамі дзяржаўных тэлеканалаў.