70 гадоў таму расстралялі вязняў Беразвецкай турмы
26 чэрвеня актывісты дэмсілаў наведалі месца іх пахавання. (фота)
26 чэрвеня споўнілася 70 гадоў з трагічнай даты, калі ля вёсцы Мікалаева Шумілінскага раёна была расстраляная 1 тысяча вязняў Беразвецкай турмы. З гэтай нагоды дэмакратычныя актывісты з Віцебска, Паставаў, Глыбокага, Оршы і Бешанковічаў наведалі месца пахавання вязняў, усклалі кветкі, добраўпарадкавалі месца пахавання, а таксама памаліліся за ўсіх ахвяраў таталітарных рэжымаў.
Да прысутных далучылася і група актывістаў БХД з Мінску. Усяго ў жалобным мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за тры дзесяткі чалавек.
На пачатку мерапрыемства перад прысутнымі выступіла Валянціна Гракун, актывістка з Бешанковічаў, якая нарадзілася непадалёк ад вёскі Мікалаева. Яна распавяла прысутным пра трагедыю, што адбылася тут 70 гадоў таму. Пасля слова ўзяў Яўген Самсонаў, журналіст з Глыбокага, які на працягу апошніх гадоў даследуе гэту тэму.
Яны распавялі, што пры пачатку вайны, 24 чэрвеня 1941 года вязняў Беразвецкай турмы (зараз у межах Глыбокага) часткова адправілі чыгункай у тыл. Каля тысячы чалавек засталося ў Беларусі - іх было вырашана пешшу этапаваць у бок Віцебска. Людзі былі знясіленыя, але двое сутак іх гналі амаль без ежы і вады. Шмат каго канвой расстраляў па дарозе, якую пазней назавуць "Дарогай смерці". 26 чэрвеня, як толькі вязняў прагналі праз мост на Дзвіне, над калонай пачаў кружыць нямецкі самалёт. Пасля таго, як ён паляцеў, канваіры вырашылі расстраляць вязняў, спаслаўшыся на таемнае распараджэнне тагачаснага беларускага кіраўніцтва.
Такім чынам, каля тысячы чалавек было расстраляна. Мясцовым жыхарам было загадана пахаваць іх. Людзей звязлі ў бульбяныя капцы. Пасля немцы правялі эксгумацыю і перахавалі вязняў на ўскрайку лесу. Помнік на месцы трагедыі паставілі на пачатку 1990-х, дзякуючы намаганням польскай грамадскасці. Варта адзначыць, што пахаваныя тут у асноўным жыхары заходніх раёнаў Віцебшчыны.


