700 чалавек дапамогуць Усу збіраць подпісы за змены ў Выбарчы кодэкс
Экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус абвясціў пра збор подпісаў за змены ў Выбарчы кодэкс.
Па звестках "Хартыі'97", у ініцыятыўную групу Уса ўжо запісаліся больш за 700 чалавек. Нагадаем, паводле заканадаўства, у складзе групы павінна быць не меней за 100 чалавек. Ус кажа, што запіс у ініцыятыўную групу будзе працягвацца да сярэдзіны студзеня. Ён прагназуе, што ў яе ўвойдуць 2-3 тысячы чалавек.
Паводле Канстытуцыі, Палата прадстаўнікоў можа ўхваліць законапраект, калі пад ім падпішуцца 50 тысяч выбарцаў. Усе подпісы ініцыятыўная група павінна сабраць за месяц з моманту сваёй рэгістрацыі.
Ус хоча, каб кандыдаты мелі права накіроўваць ва ўчастковыя камісіі сваіх прадстаўнікоў. Таксама ён прапануе даць чальцам участковай камісіі, якія прадстаўляюць кандыдатаў, права ставіць свой подпіс са зваротнага боку кожнага бюлетэня.