9 чэрвеня адбудзецца пасяджэнне Палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі
На ім будзе разгледжаны шэраг пытанняў, уключаючы зварот на дзеянні высокапастаўленых чыноўнікаў у Пракуратуру і Камітэт дзяржаўнага кантролю.
АГП рыхтуе зварот у Пракуратуру і Камітэт дзяржаўнага кантролю на дзеянні высокапастаўленых чыноўнікаў, вінаватых у фінансавым і эканамічным крызісе, які назіраецца ў Беларусі.
"Ужо які месяц краіна апускаецца ў хваравіты фінансавы і эканамічны крызіс", - сказаў намеснік старшыні АГП Леў Марголін. - "І самае дзіўнае, ёсць мільёны пацярпелых і ніводнага вінаватага. Але так не бывае. Наша эканамічная і прававая экспертыза дазваляе казаць аб магчымасці ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да высокапастаўленых чыноўнікаў, якія дапусцілі падобную сітуацыю ў краіне".
На парадку дня пасяджэння Палітрады таксама прысутнічае план дзеянняў па папулярызацыі Антыкрызіснай праграмы, распрацаванай групай экспертаў пад кіраўніцтвам прафесара Станіслава Багданкевіча, паведамляе сайт АГП.