Абарона Аляксандра Крутога абскардзіла рашэнне суда

16 снежня абарона Аляксандра Крутога падала скаргу ў Мінскі гарадскі суд на рашэнне Маскоўскага райсуда. У той жа ж дзень Інэса Крутая сустрэлася са сваім бацькам, якога пакуль утрымліваюць у Жодзінскім СІЗА №1. З яе словаў, бацька вельмі схуднеў і ў яго значна пагоршыўся зрок — мужчына бачыць цяпер толькі радкі замест літараў.

Аляксандр Крутой прадстаўляў інтарэсы сваёй дачкі на працэсе аб выбуху ў мінскім метро. На судовых пасяджэннях ён паводзіўся актыўна і заклікаў перанесці разгляд справы да таго моманту, пакуль у Беларусі не адменяць смяротнае пакаранне. 20 верасня яго затрымалі па абвінавачанні ў хуліганстве, якое Аляксандр Крутой нібыта здзейсніў яшчэ 17 жніўня, паведамляе БелаПАН.

Пакуль ішоў працэс па выбуху ў метро, Крутога трымалі ў турме і толькі 6 снежня яго асудзілі да прымусовага лекавання. Яго дачка ўпэўненая, што бацьку асудзілі, каб адхіліць ад удзелу ў працэсе Канавалава-Кавалёва.