Адзначаць 1 траўня дазволілі толькі афіцыйным прафсаюзам
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі правядзе ўзгодненую з уладамі маёўку ў мінскім парку імя Янкі Купалы. Мітынг пачнецца а 12.00.
Масавыя гулянні арганізуюць таксама ў парку Горкага, парках 50-годдзя Кастрычніка і Дружбы Народаў — тут пройдуць канцэрты, будуць працаваць атракцыёны і пункты грамадскага харчавання. Афіцыйныя мерапрыемствы адбудуцца таксама ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах Беларусі, інфармуе БелаПАН.
Незалежным прафаб’яднанням і прадстаўнікам апазіцыі забаранілі ладзіць масавыя мерапрыемствы ў гонар Міжнароднага дня салідарнасці працоўных. Так, мітынг апазіцыі ў парку Дружбы Народаў забаранілі ў сувязі з запланаванымі там афіцыйнымі гуляннямі. Першатравеньскі мітынг таксама забаронены ў Мікашэвічах, што ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Акцыя планавалася ў падтрымку рабочых мясцовага прадпрыемства “Граніт”, якія выйшлі з афіцыйнага прафсаюза і заявілі пра намер стварыць незалежную прафсаюзную арганізацыю. За гэта адміністрацыя рабіла на іх ціск.
Фота БЕЛТА