АГП Лукашэнку: адмяніце цэнзуру выступаў кандыдатаў
А Лідзію Ярмошыну — у адпачынак.
Аб'яднаная грамадзянская партыя заклікае кіраўніка дзяржавы адмяніць цэнзуру выступленняў кандыдатаў у дэпутаты і адправіць старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну "на заслужаны адпачынак".
Пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісце на імя Аляксандра Лукашэнкі. Нагодай для яго стала забарона на трансляцыю па тэлебачанні ролікаў кандыдатаў у дэпутаты ад АГП, якія заклікаюць да байкоту парламенцкіх выбараў.
Старшыня партыі Анатоль Лябедзька падкрэсліў, што адозва адрасаваная менавіта Лукашэнку, а не ЦВК, бо, паводле яго слоў, "сцэнарыі ўсіх выбарчых кампаній пішуцца ў "Чырвоным доме". У лісце таксама ўтрымліваецца просьба "ўздзейнічаць на спадарыню Ярмошыну і сказаць ёй, каб яна не захаплялася жангляваннем лічбаў", інфармуе БелаПАН.
Фота — bymedia.net