АГП просіць кіраўніка мінскага офіса АБСЕ наведаць затрыманых
Намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін накіраваў пісьмо кіраўніку офіса АБСЕ ў Мінску Бенедыкту Халеру
З просьбай наведаць грамадзян, затрыманых пасля падзей 19 снежня, якія знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ.
"Нас вельмі хвалюе стан здароўя Уладзіміра Някляева, Андрэя Саннікава, збітых пры затрыманні, а таксама кіраўніка нашай партыі Анатоля Лябедзькі, які аб'явіў галадоўку пратэсту з моманту затрымання, — гаворыцца ў пісьме, якое цытуе сайт ucpb.org. — Членаў нашай партыі хвалюе іх лёс, непакоіць факт, што да Някляева з моманту затрымання 19 снежня 2010 года на працягу васьмі дзён не быў дапушчаны адвакат".
Як паведамлялася раней, 20 снежня АБСЕ запытала ў беларускіх улад інфармацыю пра месцазнаходжанне і ўмовы утрымання кандыдатаў у прэзідэнты, якія былі затрыманы. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ Тоні Лойд.
У сваю чаргу кіраўнік місіі доўгатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ Герт Хінрых Арэнс паведаміў, што мінскі офіс арганізацыі "працягне займацца гэтым пытаннем", паведамляе БелаПАН.