Алімпійскія гульні ў Лондане адкрыліся яскравым шоу
Рэжысёрам свята стаў лаўрэат “Оскара” Дэні Бойл.
Зборная Беларусі на адкрыцці Алімпійскіх гульняў (відэа)
Алімпійскі агонь запалілі сем юных атлетаў пры дапамозе 205 бронзавых пялёсткаў, якія сімвалізавалі кожную з каманд-удзельніц Гульняў. Гэтыя бронзавыя пялёсткі ўтварылі агромісты бронзавы кубак, які будзе гарэць да 12 жніўня — дня закрыцця Алімпійскіх гульняў. Агулам цырымонія адкрыцця доўжылася 3 гадзіны 48 хвілінаў, перадае ВВС.
Лондан з’яўляецца своеасаблівым рэкардсменам — гэты горад прымае Алімпіяду ў трэці раз за 104 гады. Пры гэтым арганізатарам сёлетніх Гульняў давялося прайсці няпросты шлях за 7 гадоў падрыхтоўкі. Упершыню ў гісторыі Алімпіяды ва ўсіх дэлегацыях ёсць спартсменкі, што пацвярджае роўнасць палоў.
А 0.18 паводле мясцовага часу (2.18 паводле Мінска) каралева Элізабэт ІІ абвясціла Гульні-2012 адкрытымі, пасля чаго над стадыёнам быў узняты алімпійскі сцяг. Сярод тых, хто выносіў гэты белы сцяг з алімпійскімі кольцамі, былі генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун, змагар за правы чалавека Шамі Чакрабарці, а таксама ізраільскі дырыжор Даніэль Барэнбойм.
Таксама выйшаў на арэну і дакрануўся да сцяга знакаміты баксёр Махамед Алі, які пакутуе на хваробу Паркінсона.
За адкрыццём Алімпіяды з трыбунаў назіралі 80 тысяч чалавек. Меркаваная аўдыторыя цырымоніі адкрыцця на розных мультымедыйных платформах склала 4 мільярды чалавек.













