Аляксандр Глеб: Дома БАТЭ можа згуляць з “Барселонай” на роўных
Беларускі паўабаронца “Барсы” і колішні футбаліст БАТЭ распавёў пра шанцы барысаўчан у Лізе чэмпіёнаў.
Еўрарадыё: Аляксандр, як вы ацэньваеце вынікі лёсавання?
Аляксандр Глеб: Я думаю, што і для БАТЭ, і для беларускіх заўзятараў гэта свята, што трапіліся менавіта такія сапернікі. Не кожны дзень у госці прыязджаюць такія каманды як “Барселона” ці “Мілан”. Будзе, зразумела, цяжка. Шанцаў практычна няма, хаця, з іншага боку, у футболе ўсё магчыма. Але свята, якое падарылі барысаўскія футбалісты, застанецца незабыўным.
Еўрарадыё: Аднак адняць ачкі ў “Барселоны” лічыце нерэальным?
Аляксандр Глеб: Я ўпэўнены, што гэта нерэальна. Гэта мусіць здарыцца цуд, і я гатовы буду ў такім выпадку забраць свае словы назад. Гэта павінна быць тэмпература мінус 30 і поле ніякае для барацьбы. Я думаю, без шанцаў.
Еўрарадыё: А поле мінскага “Дынама” можа перашкодзіць “Барселоне”?
Аляксандр Глеб: Думаю, што ў кожным разе дома БАТЭ згуляе вельмі годна. У прынцыпе, гульня можа быць роўнай. На выездзе “Барселона” гуляе не так добра, як дома. Калі БАТЭ ў барацьбе не саступіць і зможа неяк прэсінгаваць, падстрахоўваць адзін аднаго, то дома вельмі добра можа паказаць сябе. Ну, а на “Ноў камп” шанцаў няма, магу спрачацца з кім заўгодна.
Еўрарадыё: Ці наводзіла “Барселона” праз вас даведку пра беларускі клуб?
Аляксандр Глеб: Перастаньце! “Барселона” ведае пра кожнага свайго саперніка болей, чым можа нехта распавесці. Яны вельмі дасканала вывучаюць усіх сваіх сапернікаў, таму ніякай дапамогі ім не патрэбна.
Еўрарадыё: Ці жартуюць у “Барселоне” наконт БАТЭ?
Аляксандр Глеб: Чаму жартаваць? Годны клуб, які прабіўся ў Лігу чэмпіёнаў. “Барселона” — прафесійны клуб, лепшы ў свеце, з павагай успрымае кожнага саперніка.
Еўрарадыё: Вынікае, што БАТЭ давядзецца змагацца за трэцяе месца ў групе...
Аляксандр Глеб: Думаю, так. Хаця чаму б не зачапіцца з “Міланам”? “Мілан” — гэта ўзроставая каманда. Усё магчыма.
Еўрарадыё: А калі б прапанавалі зараз перайсці ў БАТЭ, у тым ліку і каб згуляць супраць “Барселоны”, згадзіліся б?
Аляксандр Глеб: Не. З розных прычынаў.
Нагадаем, першую сваю гульню ў групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў БАТЭ правядзе 13 верасня на выездзе супраць чэшскай “Вікторыі”. А 28 верасня беларускі клуб прымае дзеючага ўладальніка Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў “Барселону”.
Фота: goals.by