Аляксандр Казулін: Гэтая дыктатура небяспечная для Еўропы
Міжнародны форум па глабальнай бяспецы GlobSec-2011, які адкрыўся сёння ў Браціславе, распачаў працу з абмеркавання сітуацыі ў Беларусі.
Першая дыскусія форума называлася "Беларусь пасля выбараў. Ці будуць працаваць санкцыі?". У абмеркаванні тэмы ўзялі ўдзел прадстаўнікі беларускай апазіцыі, еўрапейскія праваабаронцы і палітолагі.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін заявіў, што сусветная супольнасць мусіць тэрмінова адрэагаваць на сітуацыю ў Беларусі. Палітык нагадаў пра прысуды па справе "19 снежня", адзначыўшы, што рэпрэсіі ў краіне будуць толькі ўзмацняцца.
"Колькі можна трываць, колькі людзей мусяць быць забітыя і пасаджаныя ў Беларусі? Гэтая дыктатура небяспечная для Еўропы, а не толькі для Беларусі", — заявіў Казулін.
Кожны з удзельнікаў GlobSec-2011 атрымаў буклет "Вызвалі палітвязняў!" з партрэтамі беларускіх вязняў сумлення, піша "Хартыя'97".
Фота: news.vitebsk.cc