Аляксандр Мілінкевіч хоча аб’яднаць апазіцыю

У 2006 годзе Мілінкевіч быў адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад дэмакратычных сіл. На думку палітыка, апазіцыя давала прыклады, што яна можа аб’яднацца. Фармальна гэта рабілася, але затым не заўсёды адбывалася супольная праца.

Лідар “За Свабоду” нагадаў, што з 2007 года апазіцыя яшчэ не правяла ніводнага дэмакратычнага кангрэса, дзе маглі б абмеркаваць праблемы і выпрацаваць агульную стратэгію.


“Думаю, мы зможам выйсці на адзінага кандыдата на наступных прэзідэнцкіх выбарах, але гэта — не самамэта. Наша мэта — незалежная дэмакратычная Беларусь”, — падкрэсліў палітык.

Пры гэтым Мілінкевіч мяркуе, што моцны адзіны кандыдат неабходны не толькі на выбарах, у якіх бярэ ўдзел Лукашэнка. “На выбарах з Лукашэнкам адзіны кандыдат неабходны. А калі рэжым упадзе? Ці зможа перамагчы менавіта дэмакратычны кандыдат? На 100% гэта сказаць нельга. Папулісты могуць перамагчы, прарасійскія кандыдаты”, — цытуе Аляксандра Мілінкевіча БелаПАН.