Амбасада Беларусі ў Егіпце патлумачыла сітуацыю з візамі
Учора з'явілася інфармацыя, што беларускім грамадзянам, якія прылятаюць у Егіпет з тэрыторыі Расіі, з 29 лістапада будзе патрэбная віза.
Раней яе можна было атрымаць у егіпецкім аэрапорце. Да таго ж з'явіліся чуткі, што з 1 снежня усім беларусам (незалежна ад пункта адпраўлення) будзе патрэбная егіпецкая віза.
Беларуская амбасада адзначае, што "змена парадку выдачы візаў грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія прыязджаюць у Егіпет, не плануецца". Візы турыстам "пры наяўнасці тура і броні гатэля", будуць па-ранейшаму выдаваць у аэрапортах. Аднак адказнасць за аказанне турыстам візавай падтрымкі па прыбыцці нясе турыстычная кампанія. Турыстаў у аэрапорце ў абавязковым парадку мусіць сустракаць прадстаўнік, які забяспечвае міграцыйнай картай з пячаткай туркампаніі, якая з'яўляецца падставай для атрымання візы.
Амбасада раіць беларусам пры набыцці турпуцёўкі патрабаваць, каб турыстычная кампанія прадаставіла неабходную візавую падтрымку. У адваротным выпадку, рэкамендуецца афармляць візу яшчэ перад паездкай у амбасадзе Егіпта ў Расіі.
Фота — bymedia.net