АНТ: Польшча ўзяла на сябе ролю жандара Усходняй Еўропы
Віну за пагаршэнне беларуска-польскіх адносінаў беларускае тэлебачанне ўсклала на палітыкаў Польшчы, асабліва адзначыўшы кіраўніка МЗС Радаслава Сікорскага.
Пра гэта сёння піша польскае агенцтва РАР, каментуючы ўчорашні выпуск праграмы АНТ "Адкрыты фармат".
У ёй былі пералічаныя "недружалюбныя" ў адносінах да Беларусі крокі: падтрымка апазіцыйных кандыдатаў на выбарах прэзідэнта, складанне "чорнага спісу" беларускіх чыноўнікаў, ініцыяванне антыбеларускіх санкцый кіраўніком Еўрапарламента Ежы Бузекам, правядзенне канферэнцыі донараў у Варшаве, крытыка МЗС Польшчы на адрас беларускіх уладаў.
Адзін з журналістаў задаўся пытаннем: "чаму Польшча ўзяла на сябе ролю жандара Усходняй Еўропы?". "Польшчу можна сёння разглядаць у якасці плацдарма для пашырэння амерыканскага ўплыву ва Усходняй Еўропе. Таму ствараюцца механізмы напружання ў Беларусі, ва Украіне і, магчыма, у Расіі", — заявіў адзін з удзельнікаў дыскусіі.
У тэлепраграме былі прадстаўленыя статыстычныя дадзеныя эканомік Беларусі і Польшчы, з чаго вынікала, што ў польскіх малых гарадах існуе вялікае беспрацоўе, маленькія пенсіі і праблемы з вядзеннем бізнесу.
Адзін з журналістаў, вядучых праграмы, нагадаў, што кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі працаваў у якасці журналіста ў Афганістане. "Сёння спадар Сікорскі забываецца на тое, што накіроўвае польскіх хлопцаў, салдатаў у Афганістан" і "іх забіваюць яго ж былыя сябры".