Апазіцыйную суполку Вконтакте пэўны час кантралявала КДБ (відэа)
Грамадскі актывіст Сяргей Паўлюкевіч выклаў у сеціве відэазварот да інтэрнэт-карыстальнікаў, у якім паведаміў, як яго спрабавалі завербаваць спецслужбы.
Хлопец з’яўляецца заснавальнікам папулярнай групы “Мы за Вялікую Беларусь” у сацыяльнай сетцы Вконтакте. 1 ліпеня яго затрымалі ў людным месцы і арыштавалі на 15 сутак. Пры гэтым Сяргей сцвярджае, што спецслужбы скралі ў яго пашпарт, які дагэтуль не вярнулі. На яго кватэры правялі два ператрусы.
Грамадскі актывіст распавядае, што ў Жодзінскай турме, куды яго даставілі, ён зведаў катаванні. Так, напрыклад, невядомыя людзі ў масках і гумавых пальчатках душылі яго, надзеўшы на галаву цэлафанавы пакет. Гэтыя дзеянні суправаджаліся псіхалагічным ціскам і пагрозамі забіць. Такім чынам Сяргея Паўлюкевіча змусілі аддаць спецслужбам доступ да яго акаунта Вконтакте, каб можна было кантраляваць групу “Мы за Вялікую Беларусь” і сустрэчу “Марш мільёнаў”. Таксама хлопца прымусілі падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве з КДБ.
У распаўсюджаным відэазвароце Паўлюкевіч заяўляе пра разрыў гэтай дамовы і патрабуе ад пракуратуры завесці на прадстаўнікоў спецслужбаў крымінальную справу. Ён таксама кажа, што цяпер кантроль над суполкай “Мы за Вялікую Беларусь” адноўлены.