Апраўданых пры "хапуне" ў Крупках будуць судзіць паўторна

Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", гаворка ідзе пра трох жыхароў Крупак, затрыманых 18 лістапада мінскім спецназам і апраўданых Крупскім раённым судом.

Нагадаем, што 21 лістапада суд пад старшынствам суддзі Сіваковай прызнаў іх невінаватымі. З Гэтым не пагадзіўся начальнік Крупскага РАУС палкоўнік Сацук і падаў скаргу ў Мінскі абласны суд. У дакуменце ставяцца пад сумнеў паказанні сведак, што даводзілі неправамернасць затрымання і ўжывання сілы да затрыманых, сцвярджаецца, што сведкі з'яўляюцца зацікаўленымі асобамі. Акрамя таго, палкоўнік Сацук адзначае, што ў якасці сведак у судзе не былі апытаныя супрацоўнікі спецназу.

Як распавёў адзін з апраўданых, Руслан Вялюха, раённы суд апраўдаў больш за трох чалавек. Але пакуль пра перасуд паведамілі толькі траім з іх.

Сам Руслан тым часам рыхтуе скаргу на дзеянні мясцовых міліцыянтаў у раённую пракуратуру, а ў Генпракуратуру — на дзеянні спецназаўцаў.